МІЯЦЭ́НАВЫ АДДЗЕ́Л (ЭПО́ХА), міяцэн (ад грэч. meion менш + kainos новы), ніжні аддзел неагенавай сістэмы (перыяду) у геахраналагічнай шкале; ранняя эпоха неагенавага перыяду геал. гіст. Зямлі. Пачаўся 23,8 млн. і доўжыўся да 5,32 млн. гадоў назад. М.а. (э.) падзяляецца на пададдзелы: ніжні (ранні), сярэдні і верхні (позні). На Беларусі на канец ранняга — пач. позняга міяцэну прыпадае кліматычны оптымум усяго неагену, калі прыродныя ўмовы нагадвалі сучасныя субтрапічныя. Намножыліся кантынентальныя адклады магутнасцю да 100—120 м (пяскі, алеўрыты, сапрапеліты, буры вугаль). Яны ўтвараюць брынёўскі і антопальскі надгарызонты, больш пашыраны на Пд. Да гэтай эпохі належаць большасць радовішчаў тугаплаўкіх і вогнетрывалых глін, Брынёўскае, Жыткавіцкае і Тонежскае радовішчы бурага вугалю (гл. адпаведныя арт.).
Т.В.Якубоўская.
т. 10, с. 495
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)